На Берасцейшчыне занепакоеныя наступствамі чумы свіней
Прадстаўнік міжнароднага экалагічнага грамадскага аб’яднання “Зялёны фронт” Аляксей Коўтун накіраваў зварот у Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
У лісце звяртаецца ўвага на тое, што на беларуска-польскай мяжы выяўлены ўжо трынаццаты выпадак чумы ў дзікоў.
Не выключана, што з тэрыторыі Польшчы яны маглі прайсці на беларускую тэрыторыю, – адзначыў Аляксей Коўтун:
– Беларускія ветэрынарныя службы маўчаць, хаця на інтэрнет-старонцы ветэрынарнай службы паведамляецца, што выпадкі захворвання зафіксаваныя ў Расеі і Польшчы, ёсць просьбы па недапушчэнню мяса, кармоў, звязаных з заражанымі свіннямі на тэрыторыю Беларусі. Па іх дадзеных Беларусь з’яўляецца белай выспай сярод краінаў, дзе зафіксаваныя ўспышкі. А ў нас неяк дзіўна – няма.
У адпаведнасці з 34-ым артыкулам Канстытуцыі Беларусі актывіст просіць даць адказы на шэраг пытанняў. Сярод іх, якія меры прынятыя ў сувязі з інфармацыяй пра чуму свіней, ці ёсць план сумесны з польскімі ветэрынарнымі службамі па нераспаўсюду віруса на тэрыторыю Беларусі, а таксама колькі выпадкаў заражэння чумой выяўлена за 2014 год на тэрыторыі Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
