На блогера Максіма Філіповіча склалі яшчэ адзін пратакол



У дачыненні да гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які адбывае адміністрацыйны арышт, распачалі яшчэ адну справу. Стваральніка нашумелых відэаролікаў пра так званы дэкрэт «Аб дармаедстве» хочуць прыцягнуць да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі «маршы недармаедаў» у Берасці.

Паводле маці відэаблогера Элы Філіповіч, улады помсцяць актыўным грамадзянам за праўду.

— Ён жа там не адзін. Яны ж забралі практычна ўсіх гомельскіх блогераў, забралі хлопцаў, якія проста паказвалі праўду жыцця. Яны не бунтавалі, не ваявалі, а  проста расказвалі простым людзям. Мы чакаем Максіма і спадзяемся на добрае.  

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка падключыўся да юрыдычнай дапамогі Максіму Філіповічу, якога ўлады ўжо пакаралі 13 суткамі арышту. Калі суд Савецкага раёна Гомеля палічыць блогера вінаватым, то тэрмін зняволення можа павялічыцца да 25 сутак. У бліжэйшы час да Максіма Філіповіча павінен трапіць адвакат.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель