На Бярозаўшчыне праблема з добрымі дарогамі
Бярозаўскі раён ня можа пахваліцца дарогамі.
Жыхары бліжэйшых ад раённага цэнтра вёсак Першамайскага сельсавета толькі ў выходны дзень, упершыню за паўгода, убачылі на сваіх разбітых дарогах дарожную тэхніку.
Яна з’явілася адразу пасля таго, як жыхары падалі скаргу кіраўніку раённай вертыкалі з патрабаваннем сабраць сход па гэтай праблеме.
Кажа арганізатар збору подпісаў, мясцовы дэпутат Валер Білібуха:
— Там была да таго забітая дарога, што яміна на яміне і не паехаць легкавой машынай. Там жа яшчэ прадукты падвозяць у вёскі і не кажучы ўжо пра хуткую дапамогу — дык нават яны маглі цалкам растрэсці падвеску. Калі я звярнуўся да старшыні сельсавета з набалелым пытаннем па грэйдаванні дарогаў ён мне адказаў: няма фінансаў. Чаму ў нас няма грошай калі мы падаткаплацельшчыкі? Куды ідуць нашы падаткі? — вось пытанне.
Паводле дэпутата, вяскоўцам не ўпершыню даводзіцца змагацца за правядзенне рамонту дарог. Хоць, паводле заканадаўства, папраўляць стан дарогаў без пакрыцця – павінны кожныя тры месяцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза