На былога палітвязня Аўтуховіча зноў ціснуць (абноўлена)
Прадпрымальніка і былога палітычнага вязня Мікалая Аўтуховіча вымушаюць сплаціць абавязковыя страхавыя выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Прычым падаткавікі прымушаюць заплаціць за той час, які Аўтуховіч сядзеў у турме.
Былы палітвязень не збіраецца плаціць гэтыя ўзносы, і не выключае, што справу супраць яго давядуць да суда:
– Я не буду плаціць, бо ведаю, што я нічога не вінен і не трэба плаціць. У суд пададуць яшчэ раз, пададуць ізноў, там штосьці апісваць будуць, забіраць – гэта ўжо другі выпадак. У нас пачынаецца судовая справа, cанэпідэмстанцыя наклала на нас штраф, які мы павінны заплаціць за тое, што кіроўцы не мелі медычных даведак, якія трэба мець паварам, гандлярам прадуктамі харчавання. Я кажу, што нам гэта не патрэбна, і вось падалі ў суд.
Мікалаю Аўтуховічу было забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. Пры гэтым ваўкавыскія чыноўнікі сцвярджаюць, што быць прадпрымальнікам Аўтуховічу не забаронена, і што гэты тэрмін забароны на дзейнасць скончыўся яшчэ ў турме. Аднак гэта супярэчыць палажэнням Крымінальнага кодэксу.
Парадоксам і замкнёным колам называе сітуацыю Мікалая Аўтуховіча намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч. Прадпрымальніка, былога палітычнага вязня прымушаюць заплаціць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны за той час, які той правёў у турме:
– На той момант, калі ён сядзеў у турме, ІП яго было зарэгістравана, а цяпер ад яго патрабуюць заплаціць у сацыяльны фонд усе гэтыя выплаты. Паводле прысуду яму забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу 5-ці год – увесь час адбыцця яго пакарання і адпаведна пасля заканчэння адбыцця пакарання напрацягу 5-ці гадоў. Тут атрымалася, што закрыць ІП ён не можа, бо ў яго штрафныя санкцыі налічаныя за запазычанасць перад бюджэтам. З іншага боку, ён яе фізічна не мог плаціць у сацыяльны фонд, калі ён знаходзіўся ў турме – замкнёнае кола нейкае атрымліваецца.
Як адзначыў Мікола Аўтуховіч, ніякія ўзносы ён плаціць у падатковую не збіраецца. Ад часу прыняцця ўказа прэзiдэнта №87 у лютым мінулага года, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія фізічна спынілі сваю дзейнасць, але не аформілі ліквідацыю ІП па законе, вымушаны будуць выплочваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны, піша сайт праваабарончага цэнтра „Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя