На чыгуначных вакзалах Беларусі з’явіўся бясплатны Wi-Fi
З 10 ліпеня БЧ сумесна з СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” у тэставым рэжыме арганізавала бясплатны доступ да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi на чыгуначных вакзалах краіны.
Як паведамляе прэс-служба БЧ, хот-споты сеткі Wi-Fi з’явіліся ў залах чакання і холах на чыгуначных вакзалах у Менску, Оршы, Маладэчне, Барысаве, Баранавічах, Лідзе, Гародні, Лунінцы, Пінску, Гомелі, Жлобіне, Калінкавічах, Магілёве, Асіповічах, Бабруйску, Крычаве, Віцебску і Полацку. Хуткасны доступ у сетку забяспечваецца пры дапамозе тэхналогіі 4G і аптычных каналаў сувязі.
Такім чынам, канстатуе прэс-служба, „Беларуская чыгунка працягвае актыўнае развіццё спадарожных сэрвісаў для пасажыраў”.
25 ліпеня плануецца запусціць паслугу Wi-Fi на ўсіх вакзалах Беларускай чыгункі.