На чыгуначных вакзалах забаранілі курэнне



Беларуская чыгунка зрабіла чарговы крок у барацьбе з курэннем ў грамадскіх месцах на аб’ектах чыгуначнага транспарту, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ. У парадку эксперыменту на 19 вакзалах (Менск, Орша, Барысаў, Маладзечна, Баранавічы, Гародня, Ліда, Лунінец, Берасце, Пінск, Гомель, Жлобін, Калінкавічы, Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў, Віцебск, Полацк) абсталяваны месцы для курэння на адкрытым паветры. Адначасова прадугледжана правядзенне інфармацыйнай працы і ўзмоцнены кантроль з боку адпаведных кампетэнтных органаў, піша БелТА.

Як адзначылі ў БЧ, заканадаўствам вызначана, што курэнне на вакзалах забаронена, за выключэннем месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтых мэтаў. „Для вырашэння шэрагу праблемных пытанняў, звязаных з уздзеяннем тытунёвага дыму на людзей, з санітарным станам аб’ектаў, лакалізацыяй крыніц магчымага узгарання, па ініцыятыве Беларускай чыгункі сумесна з прадстаўнікамі міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, унутраных спраў вызначаны ўмовы стварэння і патрабаванні да абсталявання месцаў для курэння на адкрытым паветры на тэрыторыі вакзальных комплексаў”, – адзначылі ў прэс-цэнтры. Там таксама нагадалі, што курэнне ў забароненых месцах з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і цягне накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь.