На чыноўнікаў Камянеччыны паскардзіліся ў адміністрацыю Лукашэнкі



У сацсетках з’явілася копія пратаколу з сустрэчы жыхароў вёскі Амелянец з раённымі ўладамі.

У ім занатаваны разгляд калектыўнага звароту жыхароў згаданай вёскі па пытаннях функцыянавання мясцовай сярэдняй школы, якая з’яўляецца апошняй беларускамоўнай у раёне. Паводле пратаколу, чыноўнікі так і не вырашылі як мінімум тры ўзнятыя пытанні, а пасля чацвёртага папросту сышлі з залі дзе адбывалася сустрэча:

– Прадстаўнікі ўладаў проста збеглі. Ніякага рашэння яны нікога не прынялі, не збіраліся прымаць і не збіраліся яго агалошваць.

– Яны мала каму далі сказаць, агулам я лічу, што яны рашэнне не прынялі нармальнае.

– Што будзе далей, патрэбна чакаць пасяджэння ў райвыканкаме, на якім сапраўды будзе ўжо прымацца адпаведнае рашэнне – будзе школа функцыянаваць ці не будзе.

Увосень мінулага году калектыву настаўнікаў Амелянецкай сярэдняй школы стала вядома пра яе магчымае закрыццё. У адказ на гэта з’явілася калектыўная петыцыя да ўладаў за подпісамі мясцовых жыхароў, а таксама петыцыя ў інтэрнэце з пэўнымі патрабаваннямі. Акрамя таго, школа з’яўляецца апошняй сярэдняй беларускамоўнай у Камянецкім раёне.

Чыноўнікі згодна з законам аб зваротах грамадзян сустрэліся з мясцовымі жыхарамі, аднак канкрэтных адказаў наконт будучыні школы не далі. Аўтары і падпісанты звароту пастанавілі прызнаць такі сход несапраўдным, правесці яго паўторна і напісаць адпаведныя скаргі на чыноўнікаў Камянецкага райвыканкаму Валянціна Зайчука і Віктара Грыцука. Пратакол і скаргі накіравалі ў адміністрацыю кіраўніка Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя