На дачку журналіста Змітра Лупача заведзена крымінальная справа
Як стала вядома «Віцебскай Вясне», яшчэ ў пачатку траўня глыбоцкія міліцыянты амаль апоўначы затрымалі дачку журналіста Змітра Лупача Святлану. У той дзень яна адпачывала на Глыбоччыне разам з сябрамі, міліцыянты прыехалі ў самы разгар адпачынку і спачатку затрымалі ўсіх, але пасля выпусцілі і пакінулі ў міліцыі адну Святлану.
Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3 траўня пакараў яе спачатку 10 суткамі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага над ёй быў яшчэ адзін суд, падчас якога дзяўчыне прысудзілі яшчэ 25 базавых велічыняў штрафу. Пазней Святлану перавялі ў Віцебскае СІЗА, ёй інкрымінуюць «народны» арт. 342 КК (Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач з’ехаў з Беларусі ў ліпені 2021-га году.