На лецішчы і ў гомельскай студыі блогера Ціханоўскага прайшлі ператрусы (абноўлена)



На лецішчы блогера Сяргея Ціханоўскага адбыўся ператрус. Пра гэта паведамляе Twitter «Краіна для жыцця». У садовае таварыства Уць за 30 кіламетраў ад Гомля прыехалі 8 машын, 2 з іх без нумароў.

Ператрус таксама адбыўся ў гомельскай студыі блогера ў гатэлі «Кастрычніцкі». Шмат якія рэчы параскіданыя, паведамляе Свабода.

Паводле супрацоўнікаў гатэля, ператрус адбываўся ад самага ранку і да 16-й гадзіны. Пасля вобшуку выносілі скрыні з нечым, тэчкі з дакументамі. Што забралі – невядома. Здаецца, са студыі знік кававы апарат, – распавялі супрацоўнікі гатэля. Яны пераймаюцца, што памяшканне нават не апячаталі, дзверы не замкнулі, а гатэль нясе за гэта адказнасць.

Самога Сяргея Ціханоўскага, як паведамлялася, перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, сёння, 3 чэрвеня, яму перадалі перадачу. Нагадаем, што 29 траўня ў Гародні Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спецназу падчас перадвыбарчага пікету за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі. Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем.

Тым часам, супрацоўнікі міліцыі пераследуюць актывістаў і ўдзельнікаў легальных пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Сёння затрыманыя:

Валянцін Троцкі, актывіст «Народнай Грамады» (мяркуецца, што ён знаходзіцца ў РУУС Фрунзенскага раёну Менску),

блогер Алесь Круткін (затрыманы на Полаччыне з удзелам АМАПу; дома ў яго праходзіць вобшук з удзелам крымінальнага вышуку),

Андрэй Зуеў, валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай (затрыманы ў Наваполацку, раней ужо адседзеў 7 сутак арышту за ўдзел у стрыме Ціханоўскага),

Артур Сінега, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай (таксама затрыманы ў Наваполацку, яго адвезлі ў аддзяленне міліцыі для складання пратакола). Акром таго, праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў міліцыю выклікалі абаронцу Курапатаў Валерыя Рабцава і актывіста Сяргея Мацкойця, нібыта за ўдзел у пікеце 31 траўня каля Камароўскага рынку ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org

***

На дачы блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай прайшоў ператрус. Пра гэта паведамляе Twitter «Краіна для жыцця». У садовае таварыства Уць за 30 кіламетраў ад Гомля прыехалі 8 машын, 2 з іх без нумароў. Ператрус таксама адбыўся ў гомельскай студыі блогера. Самога Сяргея Ціханоўскага, як паведамлялася, перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, сёння яму перадалі перадачу.

Нагадаем, што 29 траўня ў Гародні Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спецназу падчас перадвыбарчага пікету за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі. Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем. У яго абарону выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да «максімальнай стрыманасці».

Беларускае Радыё Рацыя