На дапамогу Гарадзенскаму хоспісу – больш за 40 мільёнаў рублёў



У Гародні на сэнсарны пакой гарадзенскага хоспісу сабрана больш за 40 мільёнаў рублёў. Грошы на пакой збіраліся з дапамогай сучасных тэхналогій – гэтым разам з дапамогай краудфандынгу. Пакой будзе ў Гародні адзіным месцам, дзе дзеці з асаблівасцямі змогуць бавіць свой час.

Расказвае ініцыятарка акцыі па зборы грошаў Ганна Ждановіч:

– Сума праекта была заяўленая ў 35 млн. Хоць з самага пачтку мы ведалі, што гэтыя грошы не пакрыюць усіх выдаткаў. Проста больш прасіць мы не рызыкнулі. Але суму, якую мы сабралі, перасягнула нашыя чаканні.

Восенню 2015 гарадзенскі дзіцячы хоспіс ладзіць шэраг мерапрыемстваў пад назвай “Восень добрых справаў”: ўжо працуе тэлефонная лінія па зборы сродкаў для цяжка і безнадзейна хворых дзетак, можна набыць рэчы ў некаторых гарадзенскіх крамах, якія адзін працэнт ад продажу пералічваюць на рахунак хоспісу. А некалькі дзён таму ў гарадзенскай галерэі “У Майстра” адбыўся дабрачынны аўкцыён падчас якога было сабрана каля 20 мільёнаў рублёў у дапамогу хоспісу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня