На Дзень Волі ў Віцебску ўскладуць кветкі
Прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных сілаў вырашылі запрасіць усіх гараджан да помніка князю Альгерду, каб ускласці кветкі там, а потым рушыць па вуліцы Суворава да помніка Уладзіміру Караткевічу. Яшчэ адзін прыпынак для ўскладання кветак – гэта мемарыяльная дошка на будынку колішняй мастацкай вучэльні, дзе калісьці вучыўся яшчэ адзін пісьменнік-зямляк Васіль Быкаў.
Заявак у мясцовыя адміністрацыі на правядзенне пікетаў, сходаў або мітынгаў сёлета не падавалі, бо гэта марны занятак, які паказаў папярэдні досвед. За мінулыя 10 год улады задаволілі ўсяго адну такую заяўку, хаця зваротаў па дазволы было не менш як паўтары сотні.
Ускладанне кветак у знакавых мясцінах гораду – гэта фармат святкавання, які адначасова з’яўляецца і ўрачыстым, і бяспечным для ўдзельнікаў. Гэтак мяркуе Канстанцін Смолікаў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ:
— Сёлета актывісты збіраюцца каля помніка Альгерду, па вуліцы Суворава мы пройдзем па знакавых мясцінах цэнтру гораду. Ускладанне кветак – гэта акцыі, якія не падпадаюць пад адміністрацыйнае правапарушэнне. Таму такі фармат найбольш падыходзіць для людзей, якія не жадаюць падпадаць пад адміністрацыйную адказнасць за правядзенне несанкцыянаваных акцыяў.
У мінулыя гады неаднаразова здараліся выпадкі, калі жыхароў Віцебску судзілі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў у дзень Волі. Летась за гэта былі затрыманыя віцябляне Мікалай Качурэц і Андрэй Кешанюк. Не дамаўляючыся паміж сабой, абодва разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі ў розных месцах гораду. Літаральна праз некалькі хвілінаў абодвух затрымалі і аштрафавалі за правядзенне несанкцыянаваных пікетаў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя