На дзіцячым „Еўрабачанні” Беларусь заняла пятае месца
Пераможцам міжнароднага дзіцячага конкурсу песні „Еўрабачанне-2017” стала 14-гадовая расіянка Паліна Багусевіч з песняй „Крылы”. Яна набрала 188 балаў.
Прадстаўніца Беларусі 14-гадовая Хелена Мерааі заняла пятае месца са 149 баламі.
Фінал конкурсу прайшоў 26 лістапада ў Тбілісі. Удзел у ім узялі 16 краін. На конкурс вярнулася Партугалія, якая ўдзельнічала апошні раз у 2007 годзе. Ізраіль і Балгарыя, якія выступалі летась, адмовіліся даслаць сваіх прадстаўнікоў у сталіцу Грузіі.
Сёлета змяніліся правілы галасавання гледачоў. Яго першая фаза пачалася 24 лістапада на сайце конкурсу і завяршылася за хвіліну да старту фінальнага шоу. Зрабіць свой выбар можна было, прагледзеўшы кліпы удзельнікаў фіналу. Пасля заканчэння выступлення ўсіх фіналістаў галасаванне аднавілася яшчэ на 15 хвілін. Сёлета ўпершыню можна было галасаваць за прадстаўніка сваёй краіны.
Пераможца конкурсу быў вызначаны па суме ацэнак прафесійнага журы і анлайн-галасавання.