На Дзядка склалі пратакол за размяшчэнне экстрэмісцкіх матэрыялаў
У дачыненні да актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка склалі пратакол па ч. 2 арт. 17.11 КаАП за размяшчэнне экстрэмісцкіх матэрыялаў у „Фэйсбуку”.
„Трэба часцей зазіраць у паштовую скрыню. Вось цяпер, прыйшоўшы дадому, даведаўся, што Фрунзенскае РУУС ужо два тыдні шле мне лісты шчасця. 25 лістапада на мяне быў складзены пратакол па ч. 2 артыкула 17.11 КаАП”, — напісаў Дзядок 8 снежня на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Як вынікае з выкладзенага актывістам скрыншота міліцэйскага пратакола, у дачыненні да Дзядка ў лістападзе быў пачаты адміністрацыйны працэс за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы „Фэйсбук” па арт. 17.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць).
Прычынай адміністрацыйнага пераследу стала фатаграфія з надпісам, які ўваходзіць у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і забаронены да распаўсюджвання.
Справа была адпраўлена ў суд Фрунзенскага раёна Менска, але ці было пасяджэнне, Дзядку пакуль невядома.
12 ліпеня гэтага года суд Фрунзенскага раёна аштрафаваў Мікалая Дзядка на 10 базавых велічынь (245 рублёў). Ён абвінавачваўся па арт. 17.10 КаАП (прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Падставай для абвінавачання сталі публікацыі актывіста на яго старонцы ў сетцы „Фэйсбук”.
Фота spring96.org