На Філіпінах разбіўся ваенны самалёт



На Філіпінах разбіўся ваенны самалёт, на борце якога было амаль 100 чалавек.

Трагедыя адбылася на востраве Хола на поўдні краіны. Транспартнік C-130 Hercules вёз туды вайскоўцаў для контртэрарыстычных аперацый. На борце, паводле даных філіпінскага Міністэрства абароны, было 84 пасажыры і 8 членаў экіпажа.

Паводле мясцовага выдання Rappler, аварыя адбылася з-за тэхнічнай няспраўнасці – пры заходзе на пасадку самалёт раптам страціў магутнасць і проста не дацягнуў да пасадкавай паласы, а пасля падзення – загарэўся. Афіцыйна прычыны катастрофы пакуль не каментуюць.

На месцы аварыі зараз працуюць ратаўнікі. Паводле папярэдніх звестак, каля паловы людзей выжыла. 40 чалавек ужо дасталі з пад абломкаў самалёта і адправілі ў ваенны шпіталь у горадзе Бусбус. Таксама на месцы аварыі знойдзены целы 17 чалавек, якія дакладна загінулі.

У паўднёвай правінцыі Сулу, дзе адбылася катастрофа, цэнтральны ўрад ужо многа гадоў ваюе з групоўкамі ісламістаў.

Беларускае Радыё Рацыя