Пры адсутнасці „несанкцыянаваных мерапрыемстваў” затрымана амаль 250 чалавек



Не менш за 245 чалавек затрымана ў Менску і рэгіёнах 27 сакавіка, сведчаць папярэднія звесткі праваабаронцаў.

226 чалавек было затрымана ў Менску, 12 — у Навагрудку Гарадзенскай вобласці (падчас экскурсіі ў краязнаўчы музей), двое — у Салігорску (Менская вобласць), па адным — у Берасці, Гомелі, Магілёве, Баранавічах (Берасцейская вобласць) і Наваполацку (Віцебская вобласць). Адпушчаны 41 чалавек.

Паводле звестак валанцёрскага тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”, у сталіцы было затрымана 236 чалавек, адпушчаныя — 39.

Агульная колькасць затрыманых за апошнія тры дні перавысіла 420.

Сярод затрыманых 27 сакавіка было не менш за сем журналістаў, усе адпушчаныя: Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік (абедзве — tut.by, без пратакола), Надзея Бужан, Кацярына Карпіцкая (абедзве — nn.by, без пратакола), Ягор Марціновіч (nn.by, галоўны рэдактар, з двума пратаколамі, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне), Любоў Бахурэвіч („Белорусы и рынок”, з пратаколам) і Нікалас Коналі („Нямецкая хваля”, вызвалены з дапамогай пасла ФРГ).

27 сакавіка ў Менску ўдзельнікі святкавання Дня Волі (25 сакавіка) і пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў планавалі сабрацца спачатку на плошчы Якуба Коласа, а затым на плошчы Бангалор, аднак у сувязі з вялікай канцэнтрацыяй супрацоўнікаў сілавых ведамстваў абмежаваліся гуляннямі.

Пасля 15-й гадзіны прэс-служба МУС распаўсюдзіла паведамленне, у якім сцвярджалася, што „ў Беларусі пратэстная актыўнасць набліжаная да нуля”, „ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана ніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”.

belapan.by