На Гарадзеншчыне 3 вылучэнцы абскардзілі адмовы ў рэгістрацыі
45 кандыдатаў у дэпутаты ў гарадскі савет пачалі агітацыю на 30-ці акругах Гародні. У абласную раду, якая складаецца з 60 дэпутацкіх месцаў, зарэгістравана 85 кандыдатаў. 40 акругаў безальтэрнатыўныя па вобласці, а па горадзе 15. Толькі 3 вылучэнцы на кандыдацтва ў дэпутаты абскардзілі адмовы ў рэгістрацыі.
Кажа назіральнік ад Беларускага Хельсінскага Камітэта Раман Юргель:
– Дзве скаргі не задаволеныя Гарадзенскай абласной выбарчай камісіяй. Адна скарга задаволеная, два прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі. На жаль ад іншых дэмакратычных апазіцыйных партый ніхто скаргаў не падаваў. Была задаволена скарга Тамары Бесараб з Наваградка, жанчына, якая працуе ў цэнтральнай раённай бальніцы Наваградка, зборам подпісаў вылучылася ў Наваградскі раённы савет дэпутатаў.
Калі былі ўзятыя яе лісты з подпісамі выбаршчыкаў, то адзін з подпісаў Наваградская раённая выбарчая камісія забракавала адзін подпіс, абгрунтаваўшы тым, што ён належыць непаўнагадоваму. Абласная выбарчая камісія вывучыла прычыну скаргі, зарэгістраваў Тамару Бесараб кандыдатам у Наваградскі раённы савет дэпутатаў:
– Добра, што Гарадзенская абласная камісія і яе старшыня Уладзімір Хлябіч, дасканала даследавалі арыгіналы падпісных лістоў. Выявілі, што гэтаму чалавеку, калі ён распісваўся, ужо споўнілася васемнаццаць гадоў, ён будзе галасаваць першы раз. На жаль, па раённых выбарчых камісіях шмат безальтэрнатыўных акругаў, не шмат балатуецца на адно месца.
На Гарадзеншчыне, сярод кандыдатаў у дэпутаты, пераважаюць кіраўнікі бюджэтных прадпрыемстваў і ўстаноў.
Беларускае Радыё Рацыя