На Гарадзеншчыне абіраюць актыўны адпачынак



На Гарадзеншчыне ўсё большую папулярнасць набывае актыўны адпачынак. Сярод 250-ці турыстычных маршрутаў, 90 – гэта пешыя, роварныя, экалагічныя, водныя і конныя. Штогод колькасць турыстычных маршрутаў, як экскурсійных, так і іншага накірунку, павялічваецца больш як на 30.

Яны, паводле прадстаўніка Гарадзенскага абласнога аддзялення „Рэспубліканскага турыстычна-спартовага саюзу” Сяргея Каляды, становіцца ўсё больш запатрабаваным у грамадстве.

– У кожнага сваё разуменне адпачынку. На сённяшні дзень людзі і за рулём сядзяць, і за сталом, дома каля тэлевізара… І яны ўжо шукаюць пэўную нагрузку. Не абавязкова ў трэнажоную залу бегаць. Можна гэта зрабіць і на прыродзе. І з задавальненнем. Мне здаецца, што рух жыцця адбываецца ў гэтым накірунку.

Тым часам турыстычныя аператары атрымалі магчымасць прапанаваць сваім кліентам новы маршрут, які атрымаў назоў “Залатое кальцо Гарадзеншчыны”. Ён прадугледжвае наведванне 23-х населеных пунктаў, сярод якіх Мірскі, Наваградскі і Лідскі замкі, палацава-паркавыя комплексы рэгіёну, а таксама помнікі гістарычна-архітэктурнай спадчыны, многія з якіх знаходзяцца на мяжы знікнення.

Беларускае Радыё Рацыя