На Гарадзеншчыне абвастраецца сітуацыя з наркаманіяй



Злачынствы, звязаныя з ужываннем наркотыкаў, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі ў моладзевым асяроддзі на Гарадзеншчыне. Яны складаюць 20% ад агульнай колькасці злачынстваў, якія здзяйсняюцца непаўналетнімі асобамі.

Асабліва востра праблема наркаманіі праяўляецца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі: з сарака пяці такіх злачынстваў больш за палову прыходзіцца менавіта на навучэнцаў.

Як зазначаюць актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Матулін рух 328», жорсткія захады супрацоўнікаў міліцыі не заўсёды спрыяюць спыненню злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюдам наркотыкаў:

— Людзі ў форме сказалі так: «Калі пікнеш. Увогуле заб’ем». Ну пра што можна казаць? І я не адна такая мама, і мой сын — не адзіны. Менавіта так выбіваецца прызнанне віны.

— У нас кожны можа ўвесці ў інтэрнэце «Гродно» «наркотики» і без праблемаў замовіць. Пераважна ўсе сайты расейскія. Кожны следчы павінен быць псіхолагам. Ён павінен правільна падыйсці да кожнага пытання. Не толькі асудзіць чалавека, але і высветліць прычыну: чаму гэты чалавек здзейсніў гэтае злачынства.

Прадстаўнікі пракуратуры і міліцыі адзначаюць, што праблема ўжывання наркотыкаў у асяроддзі навучэнцаў ПТУ на Гарадзеншчыне пашырае геаграфію: калі раней злачынствы фіксаваліся выключна ў абласным цэнтры, дык цяпер, усё больш злачынстваў выяўляецца ў раёнах.

 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: konsultant228.ru