На Гарадзеншчыне – арніталагічная цікавінка
Гарадзенскія арнітолагі пад час вясновага назірання за птушкамі зарэгістравалі нязвыклую для Беларусі птушку — звычайную гагу. Апошні раз у Беларусі яна адзначалася амаль 9 год таму — у траўні 2007 году. Гэтую сенсацыю ўдалося зарэгістраваць непадалёк Вялікай Бераставіцы на копанцы.
Чым выбітная гэтая птушка распавядае Зміцер Вінчэўскі, рэдактар сайта «Птушкі Штодня»
— Гэта чыста марскі від, які пераважна жыве на поўначы Еўразіі, бліжэй да нас гэта Балтыйскае і Паўночнае мора. Не так даўно ўтварылася невялікая гняздуючая папуляцыя на ўзбярэжжы Украіны, на Чорным моры. Гэта чыста марская качка, якая харчуецца марскімі малюскамі глыбока ныраючы.
Птушка зафіксавана ў незвычайных для яе папуляцыі ўмовах і што з ёй будзе ў бліжэйшыя тыдні арнітолагі баяцца прагназаваць. Гарадзенскія арнітолагі запрашаюць усіх жадаючых паназіраць за птушкамі на штотыднёвыя паездкі па рэках і вадаёмах Гарадзеншчыны, якія адбываюцца кожныя выходныя.
Беларускае Радыё Рацыя