На Гарадзеншчыне больш за 1,5 тысячы ўцекачоў з Украіны
Гарадзеншчына, пачынаючы з вясны мінулага года, прыняла больш за паўтары тысячы ўцекачоў з Украіны. Жыхары Данецкай і Луганскай абласцей шукаюць прытулку ў гарадах і вёсках Панямоння ў сувязі з баявымі дзеяннямі на тэрыторыі сваёй краіны.
Дапамогу ўкраінскім перасяленцам аказваюць такія арганізацыі, як «Беларускі Чырвоны крыж», «Карытас» і службы па сацыяльнай абароне насельніцтва.
«Асноўная праблема для ўцекачоў з Украіны — працаўладкаванне», – зазначае сакратар ганаровага консульства Украіны ў Гародні, Вікторыя Рыжыкава:
— У сувязі з цяжкай эканамічная сітуацыяй цяпер цяжка знайсці працу з жытлом. Мы арыентуем грамадзян Украіны, вымушаных перасяленцаў на тое, каб яны станавіліся на ўлік у Цэнтры занятасці. Шмат хто ходзіць па прадпрыемствах і спрабуюць самастойна знайсці працу.
Амаль палова ўцекачоў з Украіны атрымалі на Гарадзеншчыне дазвол на часовае пражыванне, больш за 150 чалавек — на сталае.
Тэрмін часовага знаходжання грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі абмежаваны і не можа перавышаць 90 дзён на працягу шасці месяцаў і 180 дзён на працягу каляндарнага года.
Беларускае радыё Рацыя, Гародня