На Гарадзеншчыне істотна павялічылася колькасць рамеснікаў
З пачатку бягучага году на Гарадзеншчыне істотна павялічылася колькасць людзей, якія зарэгістраваны ў падатковай інспекцыі ў якасці рамеснікаў. Да мінулагодняй лічбы дадалося больш за паўтысячы жадаючых займацца рамесніцкім промыслам, што перавысіла сорак працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Галоўная прычына павелічэння – дэкрэт кіраўніка дзяржавы “аб дармаедах”, які быў падпісаны ў пачатку красавіка. На думку праваабаронцы Гары Паганяйлы, падобныя захады дзяржавы выклікаюць шмат пытанняў з пункту гледжання існуючага заканадаўства:
– Можна смела казаць пра тое, што хаця, згодна Канстытуцыі, Беларусь абвешчана дэмакратычнай, прававой, сацыяльнай дзяржавай, яна не з’яўляецца ні прававой, ні сацыяльнай, ні дэмакратычнай. Чыноўнікі не зважаюць на нашую Канстытуцыю, а тым больш міжнародныя дамовы ў галіне правой чалавека.
Вялікая колькасць зарэгістраваных з пачатку году рамеснікаў тлумачыцца тым, што гэтая катэгорыя грамадзян, паводле ўказа “Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамесніцкай дзейнасці”, плаціць штогадовы падатак у памеры 180 тысяч беларускіх рублёў. Гэта дае магчымасць зарэгістраваным рамеснікам пазбегеуць статусу “дармаеда” і абавязку плаціць дзяржаве падатак у памеры 20 базавых велічынь.
Беларускае Радыё Рацыя