На Гарадзеншчыне не хапае лекараў
Установы аховы здароўя Гарадзенскай вобласці адчуваюць істотны недахоп лекараў. Гэта тычыцца як шпіталяў у раённых цэнтрах, так і ў самой Гародні. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, агульная колькасць вольных вакансій ва ўстановах аховы здароўя рэгіёна перавышае 200. Прычым, як шпіталі ў абласным цэнтры, так і раённыя, не забяспечваюць лекараў жытлом. У лепшым выпадку прапануюцца ложка-месцы ў інтэрнатах, што на думку гарадзенцаў, як і нізкія заробкі медычнага персанала, адмоўна ўплывае на сітуацыю з медыцынскімі кадрамі:
– Прыйшлося скарыстацца сувязямі, каб трапіць да лекара.
– Я лічу, што трэба адкрываць яшчэ адну паліклініку, альбо павялічыць колькасць спецыялістаў.
Асабліва востра недахоп лекараў на Гарадзеншчыне адчуваецца ў раённых шпіталях. У некаторых установах лік ідзе на дзясяткі спецыялістаў. Што да абласнога цэнтра, то адна з самых балючых праблем у Гародні – адсутнасць лекараў у дзіцячых паліклініках.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня