На Гарадзеншчыне няма каго вучыць па-беларуску?
Чаму не паўсюль выконваецца пастанова Рады міністраў ад 2010 года „Аб папулярызацыі і пашырэнні беларускай мовы на Гарадзеншчыне”? З гэтым пытаннем звярнуліся да начальніка ўпраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Сангіна сябры Таварыства беларускай мовы. У двух раёнах вобласці за шэсць гадоў не было адкрыта ніводнага беларускага класа. Гэта ў Варанове і Вялікай Бераставіцы. У Дзятлаўскім і Карэліцкім раёнах – самых беларускіх, паводле перапісу, раёнах Гарадзеншчыны – таксама вельмі цяжкая сітуацыя з беларускім навучаннем. Кажа Алесь Крой – старшыня абласной рады ТБМ.
– Праблемныя два раёны – Дзятлаўскі і Карэліцкі. Там былі адкрыты за гэтыя гады класы, але іх мала, здаецца, па адным класе. Іншыя раёны больш-менш рухаюцца наперад. Хто больш працуе ў гэтым – бацькі, аддзел адукацыі ці настаўнікі – цяжка сказаць. Але там, дзе праца ідзе каардынавана, то там найлепшыя вынікі. Гэта, напрыклад, Лідскі, Гарадзенскі, Слонімскі, Ваўкавыскі раёны. Там сітуацыя нядрэнная.
Таксама былі ўзняты пытанні навучання гарадзенскіх беларусаў у дзясятай гімназіі, дашкольнага выхавання і падрыхтоўкі да навучання ў беларускіх класах. Што тычыцца першых класаў, то пакуль набрана ў Гародні на першы клас у 32-ой школе. Што да 34-ай школы, то інфармацыі пра набор беларускіх навучэнцаў пакуль няма.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня