На Гарадзеншчыне прагаласавала 28% выбарцаў
28% выбарцаў прыняло ўдзел у датэрміновым галасаванні па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на Гарадзеншчыне. Гэта самы нізкі паказчык сярод шасці абласцей. Аднак, лічба значна перавышае паказчыкі мінулых выбараў: калі ў 2010 годзе ўдзел у датэрміновым галасаванні прынялі 23% выбаршчыкаў, то на сёлетніх выбарах колькасць людзей, прагаласаваўшых датэрмінова на Гарадзеншчыне, павялічыцца на 10% і перакрочыць трыццаціпрацэнтны бар’ер.
Як зазначае старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, падобная сітуацыя склалася ва ўсіх рэгіёнах краіны:
– Прыходзяць аўтобусы і вязуць людзей на датэрміновае галасаванне. Тое ж тычыцца і студэнтаў. І калі нашыя назіральнікі пытаюцца, што гэта адбываецца, то яны тлумачаць, што іх прымушаюць ісці датэрмінова галасаваць.
Найбольш актыўны ўдзел у датэрміновым галасаванні на выбарчых участках Гарадзеншчыны прымаюць студэнты, дзяржаўныя служачыя, вайскоўцы і міліцыянты. Апошнія два дні істотна павялічылася колькасць прагаласаваўшых у многіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах рэгіёна.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня