На Берасцейшчыне актывізаваліся кляшчы
На Берасцейшчыне з надыходам цёплага надвор’я, актывізаваліся кляшчы. Медыкі паведамляюць, што зараз яны вельмі небяспечныя і раяць грамадзянам устрымацца ад адпачынку ў лясах ды густых парках.
У вобласці, яшчэ з восеньскага сезону, працягваюць лячэнне некалькі жыхароў, якія сталі ахвярамі энцэфалітных кляшчоў.
Гэты вірус небяспечны для чалавека і можа прывесці да смерці, таму трэба быць пільнымі, адзначае лекар-вірусолаг Андрэй Гарэгляд:
– Рукавы павінны шчыльна прылягаць да рук, нагавіцы лепей – па верху абутку, пажадана насіць капюшон. А яшчэ лепей пры выхадзе апрацоўваць адмысловымі вадкасцямі – не трэба рукі і ногі апрацоўваць, дастаткова – адзенне.
Медыкі заклікаюць грамадзянаў пры ўкусе кляшча неадкладна звяртацца па медычную дапамогу, каб выявіць ці было насякомае пераношчыкам якого-небудзь небяспечнага віруса.
* * *
На Гараденшчыне таксама Абласны цэнтр эпідыміялогіі папярэджвае пра небяспеку ў лесе і пра неабходнасць правядзенне асабістага дагляду пасля наведання прыроды.
Летась у Гарадзеншчыне былі зарэгістраваныя 43 выпадкі захворвання на інцэфаліт.
Бо ўжо не сакрэт, што менавіта чалавечая актыўнасць павялічыла колькасць захворванняў, кажа адмысловец з Акадэміі Навук Беларусі.
– Магчыма нават колькасць кляшчоў не настолькі павялічылася, а праблема павялічылася з-за таго, што людзі сталі больш успрымальнымі да комлексу захворванняў. А з другога боку – справа з імунітэтам. Адбываюцца нейкія мутацыі, таму тут не ўсё ясна. Але тое, што гэта звязана з чалавекам, гэта нельга адмаўляць.
“Радыяцыйнае забруджанне ў Беларусі моцна ўплывае на імунную сістэму, якая робіцца больш уражлівай на вірусы энцэфаліту і лайм-бораліёзу”, – заўважае адмысловец.
Беларускае Радыё Рацыя