На Гарадзеншчыне „прымушаюць” ахвяроўваць
На Гарадзеншчыне, як і па ўсёй Беларусі, каранціну няма, аднак прадпрыемствы гораду пераходзяць на 4-хдзёнку, а частка ўвогуле прыпыняе працу. Тых, хто працуе, „абклалі” зборам, распавядае наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:
– На прадпрыемствы Гарадзеншчыны райвыканкамы пачалі рассылаць пастанову з заклікам правядзення дабраахвотна–прымусовага збору для набыцця медычным супрацоўнікам ахоўных сродкаў. У пастанове пазначаны нумар рахунку на які прадпрыемствы “мусяць” пералічваць грашовыя сродкі. Такія пастановы атрымала вялікая колькасць бюджэтных арганізацый вобласці. У гарадзенскіх тэлеграм–каналах пачалося абмеркаванне гэтай пастановы, большасць грамадскіх актывістаў задаецца пытаннем, чаму “замест таго, каб адкласці грошы, якія будуць выдаткаваныя на парад – грошы просяць у жыхароу, якія і так маюць малы заробак у 300 -400 рублёў”.
А гарадзенскія валанцёры тым часам цягам апошніх двух дзён сабралі амаль дзве тысячы рублёў, за якія набываюцца рэспіратары, маскі, бахілы і тканіна, для вырабу камбінезонаў. Частка з гэтых сродкаў абароны ўжо перададзена ў гарадзенскія шпіталі.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня