На Гарадзеншчыне расце колькасць выпадкаў перадазіроўкі наркотыкаў
На Гарадзеншчыне адзначылі рост колькасці зарэгістраваных выпадкаў перадазіроўкі. На працягу 2015−2018 гадоў у Гарадзенскай вобласці зніжалася колькасць атручванняў.
У 2015 годзе іх было 43, а ў 2018 — толькі 4. У 2019 годзе колькасць атручванняў паднялася да 10. За сем месяцаў у 2020 годзе зарэгістравана 8 фактаў атручванняў наркотыкамі, распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Андрэй Кудрыцкі.
Чатыры чалавекі ў вобласці ў бягучым годзе пасля атручвання памерлі. Калі збыт наркотыку цягне за сабою смерць спажыўца, то збытчыку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. На працягу двух гадоў у вобласці было пачата сем крымінальных спраў па ч. 5 арт. 328, у цяперашні час па двух крымінальных справах устаноўлены падазраваныя.
Найбольшая колькасць атручванняў прыпала на долю сінтэтычных наркотыкаў.