На Гарадзеншчыне ўжо больш за 830 уцекачоў з Украіны (абноўлена)
Пошук працы і жытла застаюцца галоўнымі праблемамі для ўкраінскіх уцекачоў, якія прыязджаюць у пошуках лепшай долі на Гарадзеншчыну. Пачынаючы з лета мінулага года вобласць прымае прыкладна 300 жыхароў суседняй краіны штомесяц. Сакратар ганаровага консульства Украіны ў Гародні Вікторыя Рыжыкава адзначае, што шансы на працаўладкаванне для іншаземцаў у горадзе над Нёманам даволі прывідныя:
– У сувязі з цяжкой эканамічнай сітуацыяй, стала больш складаным знайсці працу з жыллём. Арыентуем грамадзян Украіны, вымушаных перасяленцаў, на тое, каб яны станавіліся на ўлік у Цэнтры працаўладкавання. Многія шукаюць працу самастойна – наўпрост ідуць на прадпрыемствы.
У Гародні апошнім часам сітуацыя на рынку працы акрэсліваецца як складаная. Прыкладам, за люты бягучага года паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, колькасць звольненых з працы людзей на 700 чалавек перавысіла колькасць прынятых на працу: пяць з паловай тысяч чалавек страцілі працу, у той час як працаўладкавалася 4 800.
* * *
З 27 снежня мінулага года па 21 сакавіка гэтага на Гарадзеншчыне колькасць уцекачоў з Украіны склала 832 чалавекі, непасрэдна з месцаў баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях пераехала 345 асобаў. Узрост пераважнай большасці ўцекачоў – ад 18 да 35 гадоў. Прычым, як зазначае сакратар ганаровага консульства Украіны ў Гародні Вікторыя Рыжыкава, у пытанні вымушанай міграцыі з Украіны на тэрыторыю Прынёмання назіраецца пашырэнне геаграфіі.
– Працягваецца прыток бежанцаў – вымушаных перасяленцаў. Бо статус бежанца атрымаць вельмі складана: на тэрыторыі Украіны не ўведзена ваеннае становішча. Тэндэнцыя такая, што цяпер едуць людзі не толькі з Данецка і Луганска, але і з Запарожжа, Нікалаева, Чаркасаў, Чарнігава – з іншых тэрыторый Украіны.
Агульная колькасць мігрантаў з Украіны на Беларусь, паводле дадзеных Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі, перавысіла 50 тысяч чалавек. Восенню мінулага года гэта лічба складала 35 тысяч. У сувязі з вялікай колькасцю ўкраінскіх перасяленцаў улады Беларусі разглядаюць пытанне абавязковай дактэласкапіі прыезжых.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота amurpress.ru