На Гарадзеншчыне зносяць бесгаспадарчыя будынкі
За паўгода пад Гародняй пад знос пайшлі 20 дамоў, паведаміў «Перспектыве» начальнік аддзела ЖКГ Гарадзенскага райвыканкама Павел Ядкоўскі. Такая ж доля чакае яшчэ столькі ж будынкаў. Кожны з іх, згодна з рашэннем суда, прызнаны безгаспадарным і перададзены ва ўласнасць таго ці іншага сельсавета. І на гэтым яшчэ спіс не сканчаецца. У цяперашні час вырашаецца лёс дванаццаці дамоў, уключаных у рэгістр пустуючых. Нягледзячы на тое, што раён ужо амаль выканаў гадавы план па зносе старых і пакінутых дамоў, праца ў гэтым напрамку будзе працягвацца і далей. Графік абследавання тэрыторый сельсаветаў распісаны на ўвесь год. Дарэчы, у ліпені-жніўні пад пільнай увагай будуць тэрыторыі Адэльскага, Азёрскага і Путрышкаўскага сельсаветаў. У ходзе аб’езду населеных пунктаў члены камісіі звяртаюць увагу не толькі на стан пабудоў, але і зямельных участкаў. За парушэнне правілаў добраўпарадкавання нядбайнаму гаспадару пагражае штраф. У гэтым годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 14 грамадзян. Спагнана штрафаў на суму 5 мільёнаў рублёў. Дарэчы, з 2012-га па 2014 год на тэрыторыі Гарадзенскага раёна пад знос пайшлі 109 пустуючых будынкаў.
Пра тое, чым небяспечныя пустуючыя хаты, нагадалі ў зводцы МНС. 14 ліпеня паступіла паведамленне аб пажары ў вёсцы Крывулькі Мастоўскага раёна. Як высветлілася, у вёсцы ўсяго 4 жыхары і гэта адзін з пустых дамоў. Гаспадыня памерла больш за 10 гадоў таму, а сваякі ня ўступілі ў спадчыну. Панадворак не абгароджаны, шкло ў акне выбіта. Да бліжэйшых суседзяў каля 300 метраў. За дрэвамі яны і не бачылі пажару. Агонь знішчыў дах і перакрыцце, пашкодзіў сцены. Прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём няпрошаных гасцей. Расследаванне абставінаў праводзяць супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў.
Беларускае Радыё Рацыя