На Гарадзеншчыне з’явіўся новы турыстычны маршрут



Новы турыстычны маршрут уключае найбольш цікавыя мясціны Шчучынскага раёна. Аматары падарожжаў здолеюць наведаць царкву-крэпасць у Мураванцы, неагатычны касцёл Пятра і Паўла ў мясцовасці Ражанка, вёску Старыя Васілішкі, дзе месціцца музей Чэслава Немэна, палацавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку, а таксама шэраг іншых цікавых аб’ектаў. Як зазначае намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз” Сяргей Каляда, апошнім часам турыстычны патэнцыял Гарадзеншчыны становіцца ўсё больш прывабным для беларускіх і замежных наведвальнікаў, а гэта дае спадзеў на добрыя перспектывы развіцця:

 – Асноўныя турысты – гэта жыхары Менска і Гародні, а таксама крыху з Беластоку. Паехалі і з цэнтральнай Польшчы. То бок інфармацыя ўжо ідзе, з’явіліся заяўкі ад польскіх турыстаў, і як ні дзіўна – з цэнтральнай Польшчы, відаць, недзе прачыталі ў інтэрнэце, пачулі водгукі і вось ужо просяць паведаміць пра ўмовы свайго адпачынку ў нас.

Плануецца, што неўзабаве турыстычны маршрут у Шчучынскім раёне пашырыцца. Да яго далучаць пункт геадэзічнай дугі Струвэ, які з’яўляецца адной са славутасцяў, унесеных у спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.