На гарадзенскага фатографа завялі справу за супрацу з “Белсатам”
На вядомага гарадзенскага фатографа Аляксандра Саенку міліцыя Гарадзенскага раёна завяла справу па супрацы з тэлеканалам “Белсат”. Фатограф схадзіў па павестцы ў РАУС і даведаўся пра сваю справу.
Кажа Аляксандр Саенка:
– Атрымаў позву, хадзіў у міліцыю. Там мне сказалі, што ў дачыненні да мяне пачата адміністрацыйная справа за фотарэпартаж з Сапоцкіна, з музея яек. Я лічу, што гэтая справа высмактана з пальца. Нічога крамольнага там не было. Былі літаральна дзве мае фатаграфіі без твараў якога-небудзь кіраўніцтва.
Цягам апошняга месяца супрацоўнікі міліцыі настойліва тэлефанавалі яшчэ некалькім журналістам, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. Журналісты не з’явіліся ў РАУСы. А 22 траўня быў агучаны прысуд па справе вядомага журналіста Паўла Мажэйкі, якога абвінавацілі ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі і ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі. Павел Мажэйка тады быў засуджаны да штрафу 23 базавых велічыняў, а гэта 529 беларускіх рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня