На гэтым тыдні пададуць заяўку на „Дзень Волі-2016”
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і сябра аргкамітэту па святкаванні Дня Волі-2016 Віталь Рымашэўскі распавёў пра тое, як ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства.
Нагадаем, што Дзень Волі-2016 пройдзе 25 сакавіка пад лозунгам «Мы – адзін народ». Асноўныя тэмы, на якіх плануюць засяродзіцца арганізатары, – незалежнасць, беларускасць і сацыяльныя лозунгі.
Віталь Рымашэўскі: Заяўка на правядзенне мерапрыемства будзе пададзена на гэтым тыдні. Узнікла невялікая затрымка з-за тэхнічных складанасцяў. Было шмат заяўнікоў, а таму трэба было знайсці іх дадзеныя.
РР: Фармат акцыі гэтым разам неяк будзе адрознівацца ад папярэдніх гадоў?
Віталь Рымашэўскі: Ёсць, скажам так, прапанова і ініцыятыва грамадзян ускласці кветкі да помніка Янкі Купалы прыкладна за паўгадзіны да пачатку мітынгу. Мітынг будзе замоўлены і на Акадэміі навук, адкуль людзі самі могуць дайсці да парку Янкі Купалы. Такім чынам, з аднаго боку не будзе парушана заканадаўства, а з іншага – у людзей будзе магчымасць годна адзначыць свята праз шэсце па горадзе. Зрэшты, фармат пакуль не набыў канчатковай формы, таму можа відазмяніцца.
РР: Чаму на святкаванне Дня волі апошнім часам прыходзіць не вельмі багата людзей?
Віталь Рымашэўскі: Я б не сказаў, што колькасць удзельнікаў змяншаецца. За апошнія 5-10 гадоў яна застаецца прыкладна на адным узроўні, хоць, натуральна, не такая вялікая, як хацелася б. Але вельмі добра, што і столькі народу выходзіць адзначыць Дзень волі. Па вялікім рахунку, гэта ж не нейкая пратэсная акцыя, а свята для людзей. На мой погляд, каб іх стала больш у гэты дзень, трэба больш і магчымасцеяў для арганізатараў акцыі. Каб улады не заміналі. Нягледзячы на тое, што святкаванне Дня волі дазволенае, ціск адчуваецца. Суадносна, некаторыя баяцца рэпрэсіяў.
РР: Ці праўда, што на святкаванне Дня волі арганізатары будуць запрашаць і індывідуальных прадпрымальнікаў?
Віталь Рымашэўскі: Даслаць усім запрашэнні немагчыма, але з гэтай нагоды ёсць згода з лідарамі прадпрымальніцкага руху. Хачу адзначыць, што на Дзень волі лозунгі будуць не толькі святочнымі і незалежніцкімі, але таксама і сацыяльнымі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя