На гістфаку гарадзенскага ўніверсітэту новы дэкан



На гістарычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту з’явілася новы дэкан. Афіцыйная інфармацыя размешчана на сайце ўніверсітэту. Дэканам факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму прызначана Тамара Піваварчык, якая дагэтуль кіравала кафедрай журналістыкі.

Тамара Піваварчык змяніла на пасадзе дэкана Аляксандра Нечухрына. Доктар гістарычных навук Нечухрын, выпускнік Томскага ўніверсітэту, працуе ў Гародні вельмі даўно – ажно з 1979 году. Доўгі час быў загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі. З 2013 году стаў дэканам, прабыў на гэтай пасадзе 4 гады. Нечухрын мае рэпутацыю паслядоўнага русіфікатара навучальнай установы.

Пра Тамару Піваварчык вядома няшмат, нічым прыкметным яна ў Гародні не вылучалася. Вядома, што яна – жонка спецслужбоўца, у свой час скончыла філалагічны факультэт (расейскае аддзяленне) гарадзенскага ўніверсітэту. Мае навуковую ступень кандыдата філалагічных навук. Значны час узначальвала кафедру журналістыкі ўніверсітэту, хоць ніколі не працавала ў практычнай журналістыцы.

Гістарычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэту, пасля татальнай „зачысткі” ўсіх няўгодных ідэолагам выкладчыкаў, лічыцца самым адыёзным і слабым сярод аналагічных факультэтаў Беларусі. У свой час ранейшы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра публічна заявіў, што гэта паводле яго загаду былі звольнены з гістарычнага факультэту няўгодныя ўладзе прафесіяналы. З гарадзенскіх вышэйшых навучальных установаў у розныя гады былі звольнены ці „выпхнутыя” такія вядомыя гісторыкі як Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, Генадзь Семянчук, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед, Святлана Куль, ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя