На Глыбоччыне міліцыя папярэджвае актывістаў адносна Дня Волі
Глыбоцкіх грамадскіх актывістаў, якія бралі ўдзел у паслявыбарчых акцыях, міліцыянты папярэджваюць пра недапушчальнасць іх удзелу ў Дні Волі. Участковыя інспектары прыходзяць да іх дамоў з прафілактычнымі гутаркамі.
Глыбоцкая міліцыя ў некаторых выпадках для гэтага прыцягвае нават вясковых участковых.
Як кажа актывіст з Глыбокага Вадзім Хлус, да яго міліцыянты з прафілактычнымі гутаркамі ходзяць штомесяц:
– Учора званок у дзверы, адчыняю – стаяць два міліцыянты. Зноў са мной праводзяць прафілактычную гутарку, што нельга выходзіць на масавыя мерапрыемствы 25 сакавіка, што змянілася заканадаўства.
Па словах Вадзіма Хлуса, улады зараз баяцца, што зноў людзі могуць масава выйсці на Дзень Волі і паказаць сваю моц, таму і запужваюць людзей.
– Яны гэтага баяцца. Яны і не хочуць. Мне вось цікава, што перад Днём Волі Лукашэнка зноў зрабіў нейкія ваенныя гульні, і зноў – з Расеяй. Такое ў мяне прадчуванне, што ён падцягвае і расейскіх вайскоўцаў.
На Глыбоччыне нарадзіліся стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі і былы прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі. Таму Дзень Волі – гэта самае значнае свята для свядомых глыбачанаў. Ці адбудзецца яно сёлета па прычыне запалохвання актывістаў, пакажа час.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя