На Глыбоччыне пабудавалі санаторны комплекс у выглядзе крыжа Еўфрасінні
У выглядзе крыжа Еўфрасінні Полацкай пабудавалі, непадалёк ад Глыбокага, санаторна-аздараўленчы комплекс «Пліса». Ён месціцца на беразе Пліскага возера, на месцы былой вайсковай часткі. На дадзены момант у будаўніцтва гэтага комплексу ўкладзена 22 мільёны даляраў.
У Беларусі больш за сто санаторных комплексаў, але, па словах інвестараў і прадстаўнікоў прыватнай фірмы «Трэст Прамбуд», яны паставілі перад сабой мэту: ўвайсці ў тройку лепшых. Кліентам будзе прапанавана экалагічна чыстае харчаванне, гразелячэнне, мінеральныя ванны і г.д.
А што патрэбна хворым у першую чаргу, мы запыталіся ў мінакоў Глыбокага:
— Добрыя лекі і падтрымка родных ды сяброў.
— Па-першае, спакой. Дастатак трэба.
— Дапамога блізкіх — гэта па-першае. А па-другое, дзяржава павінна клапаціцца пра іх. Вось, у нас, збіраюць на хворых дзяцей, трэба каб і дзяржава прымала нейкі удзел.
— Увага і чалавечае стаўленне, калі ён хворы, ляжачы. Дзеці абавязаныя дапамагаць і глядзець, а не дзяржава.
Будынак санаторыя «Пліса»на 350 месцаў увядуць у эксплуатацыю напачатку 2016 года, а затым, па словах забудоўшчыкаў, будзе пабудаваны гістарычны «квартал» са «старажытным замчышчам», гасцініцай на сто месцаў,з сядзібамі, аформленымі ў нацыянальных стылях розных народаў свету. Цяпер вядзецца набор персаналу для працы ў санаторыі.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтара