На Глыбоччыне пройдзе дударскі фэст
Трэці міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй” адбудзецца на Глыбоччыне з 3 па 5 траўня. Па традыцыі ён пачнецца з абыграння помнікаў дудароў-песняроў на Алеі знакамітых землякоў, а завершыцца выступам дудароў у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела.
Паводле аднаго з галоўных арганізатараў фэсту Віталя Воранава, сёлета наведвальнікаў фэсту чакаюць розныя цікавосткі, у тым ліку танцавальная вечарына з майстар-класамі пад дуду. А таксама ўдзельнікі фэсту парадуюць сваімі выступамі жыхароў яшчэ аднаго мястэчка на Глыбоччыне – Падсвілля.
– Ідэя фэсту ў тым, каб захапіць як мага вялікую тэрыторыю Глыбоцкага раёна, бо дуда – інструмент, звязаны і з раённым цэнтрам, канешне, а ў першую чаргу з ваколіцамі: Празарокі – там, дзе дзейнічала трупа Ігната Буйніцкага, і г.д. Гэтыя дударскія сляды раскіданыя па абшары ўсяго раёна. Таму нам вельмі важна даехаць менавіта ў гэтыя месцы, дзе дуда сапраўды жыла, і паказаць адроджаную традыцыю мясцоваму насельніцтву, таксама актывізаваць гэтыя невялікія населеныя пункты, у якіх не вельмі часта адбываюцца такія культурныя мерапрыемствы міжнароднага фармату.
Сёлета на Глыбоччыне ў трэцім дударскім фэсце маюць браць удзел музыкі з Македоніі, Харватыі, Польшчы, Расеі ды Беларусі. Большасць беларускіх дудароў і музыкаў плануе прыехаць з рэгіёна Паазер’я.
У межах фэсту ўдзельнікі наведаюць Глыбокае, Удзела, Плісу, Падсвілле, а таксама выступяць у вёсцы Шо на аграсядзібе “Запаведны востраў”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае