На Глыбоччыне ўшанавалі памяць Язэпа Драздовіча



130-годдзе з дня нараджэння Язэпа Драздовіча адзначылі на Глыбоччыне.

На імпрэзу сабралася каля 20 грамадскіх актывістаў з Глыбокага, Шаркоўшчыны, Менска і Бабруйска. Прысутныя ўсклалі кветкі да магілы вядомага мастака ў Ліплянах. Дарэчы, сёлета магілу славутага земляка прызналі гістарычна-культурнай каштоўнасцю мясцовага значэння.

Алена, звычайны бухгалтар з Менска і вечны вандроўнік, як яна сябе называе, прыехала на імпрэзу ўпершыню і здзівілася такой невялікай колькасці прысутных.

Для мяне Драздовіч – гэта сімвал Беларусі, чалавек, які любіў Беларусь, быў вандроўнікам. І я вандроўнік. Вельмі шмат езджу па Беларусі, люблю Беларусь. Чым больш я езджу – тым больш дазнаюся новага, таму мне так захацелася прыехаць. Я чакала большага. Думала, што будзе хаця б два аўтобусы людзей, бо 130 гадоў Драздовічу. І як бы я крыху расчаравалася.

Падчас імпрэзы ля магілы мастака паэткі Марыя Баравік і Марыя Новікава чыталі вершы, прагучалі ўспаміны родзічаў, краязнаўцаў і мастакоў пра Язэпа Драздовіча. Потым мерапрыемства перамясцілася на сядзібу былога настаўніка і турыста Мар’яна Місевіча. Там прысутныя паглядзелі дакументальны фільм, паслухалі музычную імправізацыю ў гонар Драздовіча на бансуры (індыйская бамбукавая флейта) у выкананні музыкі і мастака Ягора Дзяйгалы. Імпрэза скончылася наведванем прыватнага музея Мар’яна Місевіча.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі