На Гомельшчыне аб’яўлена надзвычайная сітуацыя



Надзвычайная сітуацыя прыроднага характару зафіксаваная ў Гомельскай вобласці. 12 ліпеня ратавальнікам паступіла паведамленне, што на тэрыторыі Лельчыцкага і Мілашэвіцкага лясгасаў работнікамі Міністэрства лясной гаспадаркі выяўленае ўсыханне хваёвых насаджэнняў. Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленні МНС, прычынай стала заражэнне лесу насякомымі-шкоднікамі (вяршынны і шасцізубчаты караеды).

Спецыялісты абследавалі лясныя масівы і ўсталявалі, што плошча пашкоджання складае больш за 1,5 тысячы га, а пашкоджаныя ўчасткі ёсць кропкава на тэрыторыі ўсяго раёна.

Сіламі Лельчыцкага і Мілашэвіцкага лясных гаспадарак, а таксама яшчэ васьмі лясгасаў (209 чалавек і 58 адзінак тэхнікі) праводзяцца работы па высечцы і ізаляцыі заражаных хваёвых насаджэнняў.

Адбылося пасяджэнне раённай камісіі па НС, на якім было прынятае рашэнне прызнаць гэты інцыдэнт мясцовай надзвычайнай сітуацыяй прыроднага характару — „заражэнне лясоў шкоднікамі і хваробамі”. Работнікам лясгасаў даручана працягнуць высечку пашкоджаных дрэў.

У МНС паведамілі, што найбліжэйшым часам пытанне заражэння лясоў у Гомельскай вобласці насякомымі-шкоднікамі будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні абласной камісіі па НС.

Паводле БелаПАН

Фота МНС