На Гомельшчыне адбываюцца ўзгаранні тарфяных балотаў
На Гомельшчыне з-за недахопу ападкаў назіраюцца ўзгаранні тарфяных балотаў. Такія пажары, паводле звестак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, здараліся ў Гомельскім і Добрушскім раёнах.
Прадстаўнік руху „Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь” Юры Варонежцаў адзначае, што калі пажары ўзнікаюць на забруджаных радыяцыяй тарфяніках, то можа паўстаць пагроза здароўю людзей.
– Калі пажар адбываецца ў тарфяніках, якія назапашылі вельмі шмат радыёнуклідаў, то гэта надзвычай небяспечная з’ява: часткова радыёнукліды ўздымаюцца ў паветра і ветравымі патокамі пераносяцца ў тым ліку і ў такія вялікія населеныя пункты, як Гомель.
Абласны прэс-сакратар МНС Руслан Габрылёў заўважае, што ад пачатку года заўважных пажараў на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях не фіксавалася.
– Мы не ажыццяўляем нагляд на гэтых тэрыторыях. Там ёсць зона адчужэння і адсялення. Як раз у зоне адчужэння і адсялення радыёлагічныя запаведнікі ажыццяўляюць ліквідацыю і тушэнне. У любым выпадку зямля камусьці належыць, няма безгаспадарчай зямлі. Ажыццяўляецца тушэнне перш за ўсё балансаўтрымальнікамі так званымі. Выпадкаў вялікіх пажараў я не прыгадваю – ні гэтым летам, ні вясной, ні нават восенню.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляе, што большасць восеньскіх пажараў выкліканыя чалавечым фактарам. Падпалы смецця і травы часта перарастаюць у пажары.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель