На Гомельшчыне адзначаны рост злачынстваў, звязаных з наркотыкамі



 У 2019 годзе ў Гомельскай вобласці павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў і псіхатропаў. Калі за 11 месяцаў 2018 года на Гомельшчыне зарэгістравана 660 злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса, то за аналагічны перыяд 2019 года — 698 злачынстваў.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, непаўналетнімі або пры іх саўдзеле здзейснена 14 „наркатычных” злачынстваў.

Афіцыйны прадстаўнік УСК нагадала аб рэзанансных судовых справах, звязаных з наркотыкамі. Да прыкладу, у кастрычніку 2019 года суд Гомельскага раёна пастанавіў абвінаваўчы прысуд у дачыненні да двух членаў арганізаванай групы, якая ажыццяўляла пастаўку какаіну з Дамініканскай Рэспублікі ў Расійскую Федэрацыю. Жыхарам вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 16 і 11 гадоў. Прысуд законную моц яшчэ не набыў.

У кастрычніку Гомельскім гарадскім аддзелам СК распачатая справа ў дачыненні да 17-гадовага навучэнца аднаго з прафесійных ліцэяў па ч. 2 арт. 328 КК (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і незаконны збыт наркатычных сродкаў). Згодна з матэрыяламі справы, хлопец нарыхтаваў марыхуану і прадаў яе знаёмаму. Паводле слоў абвінавачванага, такім чынам ён хацеў зарабіць грошай для пагашэння растэрміноўкі за новы тэлефон.

Сваё паўналецце малады чалавек сустрэў у СІЗА. Напярэдадні дня нараджэння хлопец вырашыў звярнуцца да сваіх аднагодкаў і перасцерагчы іх ад фатальнай памылкі.

СК размясціў на сваім сайце відэазварот абвінавачванага. Хлопец распавядае, што яму патрэбныя былі грошы, каб заплаціць растэрміноўку за тэлефон. „Я ведаў пра адказнасць, мне было страшна. Я зрабіў вельмі вялікую памылку. У жыцці самае складанае, што цяпер у галаву прыходзяць думкі, што ты будзеш доўга знаходзіцца тут (у месцах пазбаўлення волі. — БелаПАН.), не ўбачыш сваіх родных. Трэба цаніць сваіх бацькоў, таму што яны аплакваюць, што ты тут, і перажываюць за цябе”, — заўважыў малады чалавек.

belapan.by