На Гомельшчыне выбарчыя камісіі – без прадстаўнікоў апазіцыі



Гомельская абласная і гарадская выбарчыя камісіі сфармаваныя без апазіцыянераў. За кандыдатаў ад дэмакратычных партый, якія планавалі трапіць у склад камісій, не прагаласавалі на адпаведных пасяджэннях.

Удзельнік грамадзянскай кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Судаленка прыводзіць прыклад адхілення кандыдатуры дэмакратычнага прадстаўніка.

– Ад АГП ішоў Уладзімір Няпомняшчых. Спачатку прэзентавалі кандыдатуру Уладзіміра Няпомняшчага. Сказалі, пенсіянер, але вельмі актыўны чалавек у грамадскім жыцці, мае багаты вопыт у выбарчых кампаніях. Я злавіў сябе на думцы, што напэўна нешта мяняецца ўсё ж. Але потым, калі паставілі на галасаванне, то толькі два чалавекі за яго прагаласавалі з трынаццаці.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту па Гомельшчыне Віктар Адзіночанка заўважае, што праблема бліжэйшых мясцовых выбараў  не ў адсутнасці апазіцыянераў у складзе выбаркамаў.

– У Беларусі адсутнічае палітычнае жыццё. Яно ёсць, але маргіналізаванае. А выбары ў мясцовыя саветы – як раз з’яўляюцца часткай палітычнага жыцця. І яны як раз адлюстроўваюць сітуацыю ў краіне.

Мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць 18 лютага 2018 года.

Беларускае Радыё Рацыя