На Гомельшчыне затрымалі расейскага браканьера



У Добрушскім раёне, у зоне радыёактыўнага забруджвання, дзяржінспектары затрымалі браканьера, грамадзяніна Расеі, які паляваў на снегаходзе. Рэйдавая брыгада супрацоўнікаў упраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржінспекцыі і інспектараў Гомельскай вобласці прачэсвала памежны раён, дзе такія выпадкі не рэдкасць, і выявіла сляды транспартнага сродку. Вырашана было зрабіць засаду.

Як паведамляе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, вадзіцель снегахода праігнараваў патрабаванне інспектараў спыніцца і паспрабаваў схавацца ў лесе, аднак там яго чакала іншая група. Снегаход заблакавалі на лясной дарозе, і расеец вымушаны быў спыніцца. Гэта жыхар расейскага горада Навазыбкава. Пры сабе мужчына меў зараджаную незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу.

Паляванне ў зоне радыяцыйнага забруджвання на тэрыторыі Беларусі забаронена і мае вынікам крымінальную адказнасць. У дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа. Яго транспартны сродак і зброя канфіскаваныя, а сам парушальнік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

belapan.by