На гомельскага праваабаронцу міліцыя можа скласці пратакол



На гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку могуць скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Справа датычыць інцыдэнту на беларуска-літоўскай мяжы, калі праваабаронцу сілай высадзілі з цягніка.

sudalenka11Намеснік начальніка аддзелу мытных расследаванняў Мікалай Багамолаў хацеў скласці на Леаніда Судаленку пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні “Невыкананне законнага патрабавання дзяржаўнага службоўцы”. Аднак Леанід Судаленка заявіў 11 хадайніцтваў:

– Супрацоўніку мытні Мікалаю Багамолаву патрэбен час, каб ён вывучыў і прыняў рашэнне па гэтых хадайніцтвах. Я заявіў хадайніцтва аб тым, каб весці аўдыёзапіс нашай размовы. Я прашу спыніць у адносінах да мяне справу і аргументую, чаму ў маіх дзеяннях адсутнічае скад правапарушэнняў. Я таксама прыклаў рашэнне ААН, што ў дачыненні да мяне вядзецца дыскрымінацыя з боку мытні, таму што я выйграў супраць іх працэс у ААН.

Намеснік начальніка аддзелу мытных расследаванняў Мікалай Багамолаў перанёс сустрэчу для складання пратакола на 6 кастрычніка. Адміністрацыйны кодэкс па артыкуле “Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню дзяржаўнага службоўцы” прадугледжвае штраф у памеры да 8 мільёнаў, альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель