На гомельскага праваабаронцу зноў цісне падаткавая
Улады працягваюць аказваць ціск на гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку.
Леанід Судаленка
Падаткавікі запыталі ў прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці даведку аб прыбытках юрыста за апошнія сем гадоў, нягледзячы на тое, што раней ён ужо даў справаздачу за перыяд да 2012 года ўключна. З просьбай прадаставіць такую даведку звярнулася інспекцыя міністэрства па падатках і зборах Беларусі па Гомельскім раёне. Прафсаюзны юрыст не выключае, што ўлады такім чынам аказваюць на яго ціск:
– Не было здзіўлення, калі запатрабавалі ў мяне, напрыклад, за 2013 і 2014 гг. Паколькі яны патрабуюць за сем гадоў, то ў мяне ўзнікае пытанне – навошта паўторна праводзіць адносна мяне вось гэтую падатковую праверку? Я гэтага не разумею, таму я раблю такую заяву, што акрамя як аказання на мяне ціску ў сувязі з маёй праваабарончай дзейнасцю па абароне правоў грамадзян, іншых прычын гэтай праверкі я не бачу.
Раней падаткавікі запатрабавалі ў самога юрыста паўторна даць справаздачу аб прыбытках, але прычыну свайго рашэння растлумачыць адмовіліся. Леанід Судаленка праз суд дамагаўся ад падатковых органаў тлумачэння, у сувязі з чым спатрэбілася паўторна правяраць яго прыбыткі. Аднак суд адмовіўся гэта рабіць.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя