На гомельскага журналіста склалі пратакол за «апытанне грамадскага меркавання»
Пратакол склаў маёр міліцыі Хічоў А.В. Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага абвінавачваюць паводле часткі 4.1 артыкула 9.29 Адміністрацыйнага кодэкса Беларусі («Незаконнае правядзенне апытанняў грамадскага меркавання»).
«21 чэрвеня 2016 года Жукоўскі знаходзіўся ў г.п. Лоеў і праводзіў даследаванне», – напісана ў пратаколе.
Таксама ў дакуменце адзначаецца, што вынікі апытанняў грамадскага меркавання закраналі грамадскае меркаванне ў справе геапалітычнай сітуацыі і былі праведзеныя на тэрыторыі Лоеўскага раёну без адпаведнай акрэдытацыі, а пасля зʼявіліся на «Белсаце».
21 чэрвеня міліцыянты затрымалі ў Лоеве журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага ды Аляксея Атрошчанкава. Кастусь Жукоўскі кажа, што ў будынку лоеўскага РАУС міліцыянты яго білі і душылі, пасля чаго журналіст зняў пабоі і напісаў у Следчы камітэт заяву па факце збіцця. Сярод супрацоўнікаў міліцыі, якія «адзначыліся» жорсткімі паводзінамі гомельскі журналіст назваў і першага намесніка начальніка аддзелу ўнутраных справаў Лоеўскага РАУС Генадзя Маджару.
Неўзабаве пасля інцыдэнту ў раённым цэнтры лоеўскія міліцыянты даслаліЖукоўскаму і Атрошчанкаву 6 пратаколаў на дваіх. У пратаколах сцвярджалася, што Жукоўскі нібыта абразіў мясцовых чыноўнікаў: кіраўніцу Лоеўскага райвыканкаму Ірыну Пастухову ды намесніцу старшыні райвыканкаму па ідэалогія Наталлю Каураву, а таксама згаданага вышэй Генадзя Маджару. Іншыя абвінавачванні тычыліся таго, што Жукоўскі нібыта не падпарадкоўваўся Маджару і ўчыніў дробнае хуліганства.
Цяпер дадалося абвінавачванне ў «правядзенні апытанняў грамадскага меркавання без акрэдытацыі». belsat.eu