На гомельскіх журналістаў складаюць адміністрацыйныя пратаколы



Фрылансера Яўгена Меркіса абвінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Як распавёў журналіст, пратакол у хуткім часе накіруюць у суд.

Яўген Меркіс:

— Мне паказалі каляровыя раздрукоўкі з анлайн-трансляцыі, дзе зафіксаваны я з тэлеканалам «Белсат» у горадзе Рагачове. Я ім адзначыў, што я з «Белсатам» афіцыйнага кантракту не маю. Мне інкрымінавалі, што я апытваю грамадзян. Я адказаў, што і я іх аптываў, і мне таксама здавалі пытанні, а каму рэальна належыць мікрафон «Белсата» мне невядома. Распаўсюдам незаконна вырабленай інфармацыі асабіста я не займаўся.

Журналістку Ларысу Шчыракову абвінавацілі ў несанкцыянаваным шэсці ў горадзе Рагачове, які адбыўся 12 сакавіка.

— Ужо не першы раз на мяне складаюцца адміністрацыйныя пратаколы за журналістыку. Я не бачу проста ніякай неабходнасці нешта там даводзіць ці неяк апеляваць да Канстытуцыі і закона. Усе гэтыя працэдуры адбываюцца па-за прававым полем, таму гэта — проста згуба часу. Я адразу сказала, што адмаўляюся сведчыць супраць сябе.

Журналісту Яўгену Мерксіу пагражае штраф ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічыняў. Фрылансер Ларыса Шчыракова, якая абвінавачваецца ў парушэнні часткі артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў», можа атрымаць штраф ад дваццаці базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель