На „Граніце” працягваюць звальняць актывістаў незалежнага прафсаюза



На Мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт», што ў Берасцейскай вобласці, працягваюць звальняць актывістаў пярвічкі незалежнага прафсаюзу. Цяпер не працягнулі кантракт з Уладзімірам Крывавым. Фармальнай падставай непрацягнення кантракту стаў адзінкавы выпадак парушэння тэхнікі бяспекі ўвесну гэтага году. Сапраўдная прычына ў актыўнасці Крывава – у вырашэнні праблем працоўных прадпрыемства. Гэта адміністрацыі не падабаецца, – лічыць кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч:

– Ён быў лепшым работнікам, адным з найлепшых, па вытворчых паказчыках яго неаднойчы прэміравалі, надалі званне «Ветэрана» 3 ступені. З Валодзем Крывавым адначасова звольнілі яшчэ аднога мужчыну, які 28 гадоў адрацаваў. Таксама не п’е, таксама адзін з найлепшых па вытворчых паказчыках, аўтарытэт на вытворчасці, шматдзетная сям’я. Кіраўніцтва чамусьці пазбаўляецца ад лепшых работнікаў «Граніта».

Паводле звольненага рабочага, у канцы змены ён прыйшоў распісвацца да майстра без верхняй курткі. За гэта і атрымаў папярэджанне. Пасля пісаў заявы на імя генеральнага дырэктара Эдуарда Гаўрылковіча, у суполку афіцыйнага прафсаюзу, з просьбай працягнуць з ім кантракт, але атрымліваў адпіскі. Цяпер Уладзімір Крываў шукае працу, але з гэтым у Мікашэвічах праблемы. Уладзімір жанаты, мае дваіх няпоўнагадовых дзяцей. Фактычна, сям’я засталася бяз сродкаў для існавання, яго жонка цяпер не мае працы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя