На II з’езд вучоных Беларусі запрошана 500 замежных гасцей
На II з’езд вучоных Беларусі, які пройдзе 12—13 снежня ў Менску, запрошана 500 замежных гасцей, паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 снежня ў Нацыянальным прэс-цэнтры старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) Уладзімір Гусакоў.
„Першы з’езд прайшоў 10 гадоў таму, і за гэты час шмат што змянілася, — адзначыў ён. — Таму сёння важна падвесці вынікі і вызначыць далейшыя задачы, якія я б назваў дастаткова амбіцыйнымі. Гэта цалкам натуральна, паколькі Беларусь па сваім навуковым патэнцыяле не саступае сусветным патрабаванням і развіваецца ў кантэксце сучаснай навуковай думкі”.
„Мяркуецца, што на з’ездзе будзе працаваць 2.600 чалавек, з якіх 500 — замежныя госці, у прыватнасці прадстаўнікі ўсіх акадэмій навук былога СССР, члены органаў дзяржаўнага кіравання нашай краіны, запрошаныя ад усіх міністэрстваў і ведамстваў, з якімі мы актыўна супрацоўнічаем”, — дадаў ён.
У першы дзень з’езда, 12 снежня, удзельнікі форуму будуць працаваць у дзевяці секцыях, якія тычацца гуманітарных навук; фізікі і інфарматыкі ў кантэксце тэхналогій будучыні; тэхнічных навук; хіміі і рацыянальнага прыродакарыстання; медыцынскай і фармацэўтычнай навукі; біятэхналогій; інавацыйнага аграпрамысловага комплексу; міжнароднага навуковага ўзаемадзеяння; праблем маладых навукоўцаў.
Таксама ў гэты дзень пройдзе пасяджэнне савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і Кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН.
13 снежня ў прэзідыуме НАНБ адбудзецца пленарнае пасяджэнне ІІ з’езда вучоных. Чакаецца, што ў ім возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка.
Асноўным дакументам, які будзе вынесены на форум, з’яўляецца праект стратэгіі „Навука і тэхналогіі 2018-2040”, які цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне. У ім вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій і інструменты ўдасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія, як мяркуецца, дапамогуць Беларусі дасягнуць эканамічнага росту і выйсці на сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці.
belapan.by