На кальцавой у Гародні сутыкнуліся 14 аўтамабіляў
На невялікім участку кальцавой дарогі ў Гародні сутыкнуліся 14 аўтамабіляў, паведамляе БЕЛТА. Магчымай прычынай аварый стала рэзкае пагаршэнне надвор’я.
Сёння раніцай з-за снегападу на працягу кароткага адрэзку часу на некаторых дарогах абласнога цэнтра ўтварылася галалёдзіца. Не ўсе вадзіцелі ўлічылі змены надвор’я.
На кароткім участку Гарадзенскай кальцавой магістралі працягласцю каля 500 м ад скрыжавання з вуліцай Шчорса да пуцеправода ў раёне Азёрскай шашы адбылася чарада аварый, у якіх пацярпелі 14 аўтамабіляў. У самым масавым ДТЗ адначасова сутыкнуліся 6 машын. ДТЗ выклікалі цяжкасці на адной з асноўных гарадскіх артэрый. На дадзены момант рух адноўлены.
Таксама некалькі ДТЗ адбылося ў іншых частках горада. Абставіны здарэнняў высвятляюцца. Паводле папярэдняй інфармацыі, людзі ў аварыях не пацярпелі.
Па прагнозах, невялікі снегапад працягнецца да раніцы аўторка. Захаваецца і магчымасць узнікнення галалёдзіцы. У Дзяржаўтаінспекцыі папрасілі кіроўцаў ўлічваць гэтыя акалічнасці пры планаванні паездак.