На Харытонаву і Леўчука складзена па два пратаколы
Па два пратаколы на берасцейскіх пазаштатных карэспандэнтаў БелаПАН Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука склаў 9 чэрвеня ўчастковы інспектар старшы лейтэнант міліцыі Мікалай Навіцкі.
Журналістаў абвінавацілі ў тым, што яны каля Дома правасуддзя ўзялі інтэрв’ю ў сваякоў асуджаных па крымінальных справах, чым парушылі частку 3 артыкула 23.5 КоАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).
18 чэрвеня Харытонаву і Леўчука будуць судзіць у тым жа Доме правасуддзя.
„Я лічу, што адміністрацыйнымі пратаколамі і судамі ўлады спрабуюць дамагчыся таго, каб мы не хадзілі на палітычныя працэсы і не асвятлялі іх. Пры гэтым міліцэйскі канвой нас з Міланай не пускае ў судовыя залы нават тады, калі мы афіцыйна акрэдытуемся на судовыя працэсы. Безумоўна, гэта націск”, — заявіў БелаПАН Ляўчук.
